Юным і дарослым чытачам добра вядомы шматлікія творы беларускага дзіцячага пісьменніка, цудоўнага казачніка, аўтара шматлікіх апавяданняў і аповесцей, выдатнага перакладчыка Алеся Якімовіча, якому 17 студзеня бягучага года споўнілася 115 год. Таму ўдзельнікі чарговага пасяджэння аматарскага аб’яднання «Крыніца» былі запрошаны 11 студзеня ва Ушацкую дзіцячую бібліятэку на літаратурны партрэт «У гасцях у юбіляра».
Спачатку бібліятэкар узгадала жыццёвы і творчы шлях А. Якімовіча і зрабіла агляд кніг пісьменніка. А потым пачалася самая цікавая частка мерапрыемства – інсцэніроўка казкі А. Якімовіча «Хто ж вінаваты?». На некаторы час вучні 4 «В» класа Ушацкай сярэдняй школы пераўтварыліся ў казачных герояў: мядзведзя, мядзведзіцу, сароку, лісу, зайца, ваўка. На працягу дзеяння «лясныя жыхары» шукалі адказ на пытанне: хто патаптаў маліннік?
Пасля прагляду міні-спектакля ўдзельнікі пасяджэння абмеркавалі ўбачанае, адказалі на пытанні бібліятэкара. Мы былі вельмі ўражаны адказамі дзяцей, таму можна з упэўненасцю сказаць, што разумны і шчыры сябар дзяцей, Алесь Якімовіч, сваімі кніжкамі, якія вызначаюцца навізной і сваеасаблівасцю аўтарскага бачання свету, знайшоў шлях да іх сэрцаў.
Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя пазнаёміліся з кніжнай выставай “Кнігі,якія прыносяць задавальненне”. Усім прысутным бібліятэкар пажадала заўсёды сябраваць з кнігай і часцей чытаць творы беларускіх пісьменнікаў.


