
Вучыўся Рыгор Барадулін ва Ушацкай сярэдняй школе. На ўсё жыццё засталася ў яго ўдзячная памяць аб нетрафарэтных уроках настаўнікаў Ф. Багдановіча, М. Цуран, К. Баразны. Пазней прыйшлі настаўнікі літаратурныя. Перш за ўсё П. Броўка, П. Панчанка, А. Вялюгін, Р. Бярозкін.
Пасля заканчэння школы (1954) паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1959) Рыгор Барадулін жыве і працуе ў Мінску.
У аўтабіяграфічных нататках “Дзякуй роднаму слову!” Рыгор Барадулін запісаў як асноўны пункт праграмы, як прысягу: “Нельга тымі словамі, якія пачуў ты ўпершыню ад маці, хлусіць Айчыне, Народу”.
Першы яго зборнік паэзіі “Маладзік над стэпам” (1959) стаў прыкметнай з’явай у тагачаснай паэзіі. Пра Барадуліна загаварылі як пра цікавага і арыгінальнага творцу. Нізка вершаў “На зямлі цаліннай”, што склала асноўны змест першай кнігі паэта “Маладзік над стэпам”, была адзначана сярэбраным медалём VI Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў.
А далей былі сустрэчы з кнігамі Рыгора Барадуліна “Рунець, красаваць, налівацца!”, “Неруш”, “Адам і Ева”, “Лінія перамены дат”, “Вяртанне ў першы снег”, “Рум”, “Абсяг”, “Белая яблыня грому”, “Вечалле”. У шматлікіх паэтычных зборніках Рыгора Барадуліна таленавіта выяўлены асноўны змест эпохі: вайна, убачаная дзіцячымі вачыма, дарослы клопат пасляваеннага дачаснага ўзмужнення падлеткаў, трывога за сённяшні і заўтрашні дзень.
У шэрагу сваіх твораў паэт звяртаецца да Ушаччыны, да яе непаўторных прыгожых краявідаў, да подзвігаў землякоў:
“У мяне любоў не растрачана,
Дзе б ні слаўся шляхоў сувой,
Баравая мая Ушаччына.
Да апошняга ўздыху з табой”.
У 1988 годзе выйшла кніга-фотаальбом “Вяртанне” пра родную Р. Барадуліну Ушаччыну з вершамі і тэкстамі паэта.
Творчая “лінія перамены дат” паэта сутыкнулася з трагедыяй Чарнобыля, а затым з этапам галоснасці.
У новы этап Р. Барадулін увайшоў з кнігамі “Маўчанне перуна”, “Самота паломніцтва”, “Міласэрнасць плахі”. “Евангелле ад мамы” , “Босая зорка”.
Адмысловай з’явай стаў выхад у свет кнігі “Лісты ў Хельсінкі”, якую склалі паэтычныя пасланні Рыгора Барадуліна ў замежжа да сябра і земляка Васіля Быкава.
Унікальным выданнем з’ўляецца супольная кніга “Калі рукаюцца душы…”, на старонках якой сустрэліся паэзія Р. Барадуліна і проза В. Быкава. Працягвае тэму сяброўства кніга “Дажыць да зялёнай травы” (2008). Кнігу пад такой назвай В. Быкаў і Р. Барадулін пісалі 43 гады. Складаецца яна з сяброўскага ліставання двух выдатных творцаў, якое пачалося ў 1960-м і закончылася ў 2003-м.
У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі “Ксты”. Паэт у сваіх вершах звяртаецца да Госпада і да кожнага чалавека. Гэта кніга з’ўляецца сапраўдным узорам духоўнай паэзіі і за яе Рыгор Барадулін быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.
Песні на словы Р. Барадуліна напісалі І. Барсукоў, Г. Вагнер, З. Галубіцкая, Я. Глебаў, У. Журовіч, М. Наско, Дз. Смольскі і інш.
У 2000 годзе пабачыў свет цікавы праект: паэтычны зборнік “Зорка спагады” і кампакт-касета (рамансы Рыгора Барадуліна ў выкананні Алеся Камоцкага), а крыху раней таксама ў выкананні А. Камоцкага выйшла касета “Псалмы” на словы Р. Барадуліна.
Апошнія прыжыццёвыя зборнікі паэта “Вушацкі кнігазбор”, “Лепей”.
24 лютага Рыгор Барадулін адсвяткаваў свой 79-ы дзень народзінаў, а 2 сакавіка яго не стала. Кнігу “У неба пехатою” склалі вершы апошніх трох год, заключныя вершы кнігі напісаныя ў канцы лютага 2014 года – літаральна за пару дзён да сыходу…