Пятрусь (Пётр Усцінавіч) Броўка (1905-1980)
Нарадзіўся 25 (12) чэрвеня 1905 ў в. Пуцілкавічы Ушацкага раёна ў беднай сялянскай сям’і (9 дзяцей і 2,5 дзесяціны зямлі). Бацька, Усцін Адамавіч, рабіў куфры, шафы і толькі гэтым прырабляў на пражытак сям’і. Маці, Алена Сцяпанаўна, была занята хатняй працай, клопатамі пра дзяцей (у час нямецкай акупацыі вывезена ў Асвенцым, дзе і загінула, ёй прысвечана паэма «Голас сэрца» (1960).
Пятрусь пасвіў гусей, потым авечак і пазней кароў, вадзіў коней на начлег. У 9-гадовым узросце, літаральна па складах, па просьбе сялянак, пісаў пісьмы іх мужам на франты Першай сусветнай вайны. Вучыўся П. Броўка спачатку ў школе па хатах. У Лепелі скончыў царкоўна-прыходскую школу і вучыўся ў Лепельскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, але на поўнае навучанне ў сям’і не хапіла сродкаў. Яшчэ ў дарэвалюцыйны час пазнаёміўся з вершамі Я. Купалы, апавяданнямі Я. Коласа, упадабаў паэзію М. Някрасава. З 1918 г. у 13-гадовым узросце пачаў працаваць перапісчыкам у Вяліка-Долецкім валасным камісарыяце, потым справаводам валвыканкома, рахункаводам у саўгасе.
Пачаў дасылаць допісы ў газеты. Пісаў у барысаўскую павятовую газету «Бядняк», у газеты «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», «Звязда». Ахвотна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці вясковай моладзі, стаў селькорам.
У 1919 г. перажыў польскую акупацыю. У 1923 г. быў выбраны сакратаром камсамольскай арганізацыі ў роднай вёсцы, у 1924 г. – старшынёй Маладолецкага сельсавета.
У 1925 г. быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ. У 1927-1928 гг. працаваў адказным сакратаром акруговай газеты «Чырвоная Полаччына», адначасова з 1927 г. кіраўнік мясцовага філіяла «Маладняка». У 1928 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1931. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).
У 1934 П. Броўка ажаніўся з Аленай Міхайлаўнай Рыдзеўскай, у 1936 г. у іх нарадзіўся сын Юрка. У 1940 г. прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Член ВКП(б) з 1940 г.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію. У 1941-1942 быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь» на Бранскім і Заходнім франтах, супрацоўнічаў з партызанскім друкам. З 1943 г. – адказны сакратар праўлення СП БССР, а з 1945 г. у другі раз прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». У 1948 г. абраны старшынёй праўлення СП БССР (да 1967). Член ЦК КПБ (1952-80). У 1959 г. дэлегатам ад БССР удзельнічаў у рабоце XIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1967-1980 гг. – галоўны рэдактар БелСЭ (цяпер яе пераемніца «Беларуская Энцыклапедыя» носіць імя П. Броўкі).
Дэбютаваў вершамі ў 1926 г. у газеце «Чырвоная Полаччына» і ў альманаху «Наддзвінне» ў 1926 г. («Ой, не шапчы мая бярозка!» і інш.).
Паэтычны талент П. Броўкі дасягнуў вяршыні ў 1960-1970-я. Аўтар кніг паэзіі «Гады як шторм», «Прамова фактамі», «Цэхавыя будні», «Так пачыналася маладосць», «Прыход героя», «Вясна радзімы», «Кацярына», «Вершы і паэмы», «Шляхамі баравымі», «Насустрач сонцу», «У роднай хаце», «Вершы і паэмы», «Сонечнымі днямі», «Цвёрдымі крокамі», «Пахне чабор», «Далёка ад дому», «Па сакрэту», «А дні ідуць…», «Маладым сябрам», «Высокія хвалі», «Наш музей», «Вершы і паэмы», «Між чырвоных рабін», «Калі ласка», «Ты – мая пчолка», «Лясы наддзвінскія», «І ўдзень і ўночы», «Што сэрца праспявала», «Маладосць і сталасць» і інш.
Аўтар аповесцяў «Каландры» (экранізавана ў 1934), «Донька-Даніэль», нарысаў «Ураджай» (з П. Глебкам), «Месяц у Чэхаславакіі», рамана «Калі зліваюцца рэкі», зборніка апавяданняў «Разам з камісарам» .
Выступаў і як перакладчык на беларускую мову твораў Т. Шаўчэнкі, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Бажана, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, А. Пракоф’ева, У. Бранеўскага, Дж. Байрана і іншых паэтаў.
Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны», «Алеся» («Дзяўчына з Палесся», з Я. Рамановічам). Творы П. Броўкі перакладзены на многія мовы народаў СССР і іншыя.
У Мінску створаны літаратурны музей Петруся Броўкі. На доме, дзе ён апошні час жыў, і ў вёсцы Пуцілкавічы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, у БелЭн і Вялікадолецкай сярэдняй школе Ушацкага р-на адкрыты мемарыяльныя пакоі, у Пуцілкавічах – хата-музей, каля якой устаноўлена стэла памяці маці паэта.
Імя П. Броўкі прысвоена выдавецтву «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», Вялікадолецкай школе; яго імем названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах, Ушачах. Для студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ ўстаноўлена стыпендыя імя Петруся Броўкі.
Усё пакінуць след павінна,
Бо, як пачаўся белы свет,
Прамень, пясчынка і расіна
Нязменна пакідаюць след.
П. Броўка