
Біяграфія
Еўдакія Якаўлеўна Лось нарадзілася 1 сакавіка 1929 года ў вёсцы Старына Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.
Бацька, Якаў Васільевіч служыў салдатам у імперыялістычную вайну, атруціўся газам, калі бег з данясеннем, і толькі ў акопе яго выратавалі. Потым – Грамадзянская вайна, галодныя 20-я гады. Будучы «ў людзях», ён крыху «адукаваўся», па-свойму разбіраўся ў палітыцы.
Маці, Наталля Якаўлеўна – малапісьменная, чытаць і пісаць навучылася на курсах лікбезу, у школе, дзе настаўніцай была цётка Глаша, жонка стрыечнага брата Грышы. У стараннай «вучаніцы» было ўжо двое дзяцей. Бацькі мелі тры дзесяціны камяністай зямлі, аднавокую кабылку і карову. Былі ў гаспадарцы саха, ручная мялка, калёсы. Усё гэта прыйшлося аддаць у калгас, які арганізаваўся ў Старыне і куды бацькі ўступілі першымі як найбольш свядомыя грамадзяне. Калгас назвалі «Згода». Вёска размяшчалася далёка ад вялікіх гарадоў і чыгункі, не было там шасейных дарог, тым больш машын і аўтобусаў, не было радыё, газет, пісьменных людзей. Была толькі пачатковая школа, у якой пачыналі вучобу брат Сяргей, сястра Марыя і самая малодшая у сям’і – Еўдакія. Глухая вёсачка Старына.
У першым зборніку вершаў «Сакавік» Еўдакія Лось пісала:
Не, цябе я не забыла,
Роднае маё сяло,
Хоць гадоў гарачым пылам
Шлях дадому замяло!
Добра помню, як на клуні
Буслік ладзіўся ў палёт;
Добра помню, як у пуні
Сена пахла, нібы мёд.
Добра помню, як за хатай
Цёк руплівы ручаёк;
Добра помню, як дзяўчаты
Песняй клікалі дзянёк...
Потым помню, як пажары
Хаты знішчыны былі...
Варання ўзляталі хмары
Там, дзе пчол раі гулі.
Помню добра: грознай сілай
Зграі ворагаў змяло...
Не, ніколькі не забыла
Я цябе, маё сяло!
У сярэдзіне 30-х гадоў з-за цяжкіх умоў жыцця ў калгасе бацька вымушаны быў шукаць заробку – спачатку ў Дольцах, а потым ва Ушачах. У 1934 годзе забраў ва Ушачы сям’ю. Трэба было прывыкаць да новых людзей, прыстасоўвацца да новых умоў. Еўдакія стала вучаніцай другога класа Ушацкай сярэдняй школы. Ад хаты да школы было рукой падаць, толькі прабегчы праз базарную плошчу, каля будынка міліцыі, а там – чырвонае цаглянае памяшканне. Калі брат Сяргей стаў дарослым (яму было 17 гадоў), ён угаварыў бацькоў перавезці ва Ушачы хату са Старыны. Талакой за 20 кіламетраў, перавезлі старыняне на падводах бярвенні. Новая вуліца, дзе бацькі паставілі хату, называлася Базарнай, дом 7 (зараз гэта вуліца Фрунзе).
Вельмі любіла Еўдакія брата Сяргея, старэйшага за яе на сем гадоў. Вучыўся ён добра, быў цудоўным «артыстам», на святочнай дэманстрацыі ішоў на чале школьнай калоны, добра фатаграфаваў, быў добрым спартсменам... Ён часта браў Еўдакію ў свой клас, пакідаў іншы раз яе нават на тым ці іншым уроку, за што настаўнікі на яго ніколі не сварыліся. Еўдакія ўдзельнічала ў розных гуртках самадзейнасці. Сама рыхтавала касцюмы для танцаў: фартушкі і спаднічкі, карону з нашытымі мамінымі пацеркамі. Кожны год, а то і па два разы ў год, ёй давалі прэміі за выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны: кніжкі, ранцы, санкі, чаравікі. На Дошцы гонару Ушацкай школы было змешчана фота, а пад ім – надпіс: «Сям’я выдатнікаў вучобы: Лось Сяргей, Лось Маня, Лось Дуня». ...Ішоў 1939 год. Вайна з фінамі. Праз мястэчка рухаюцца калоны чырвонаармейцаў, некаторыя прыпыняюцца ў хаце бацькоў, спяць на падлозе, стомленыя, хмурыя, абмарожаныя. Яны ідуць на вайну. Кіламетраў з дзясятак ад Ушачаў граніца. Бацькі баяцца за сына, які працуе настаўнікам (а настаўніку было ў той час усяго 17 гадоў!). Ён камсамолец, актывіст, павінен быў служыць на Ваенна-Марскім флоце. Разумела ўсё гэта і Еўдакія, хоць і малая яшчэ была. Калі чула такія гутаркі, плакала, прасіла Сяргея «нікуды не ісці...».
...1940-1941 гады. Апошнія мірныя гады ў краіне. Еўдакія заканчвае пяты клас. Ля сваёй хаты, у лагчыне, зарослай травой і кветкамі, Марыя і Еўдакія з суседкамі дзяўчынкамі разыгрываюць нейкую п’еску, якую прыдумала Еўдакія. Пра герояў і ворагаў, бо спявалі песню: «Если завтра война, если враг нападёт, если чёрная сила нагрянет, как один человек, весь советский народ за свободную Родину встанет!...». Спявала Еўдакія вельмі прыгожа, і разам з сястрою цягнулі мелодыю старанна, гучна, ажно чуваць было па ўсёй базарнай плошчы. Да працы яна была прывучана змалку. Маці працавала прыбіральшчыцай у рэдакцыі і друкарні, і Дуня ёй дапамагала. Не зважаючы на цяжкасці, бацькі стараліся, каб дзеці былі чыста адзетыя, пакормленыя. Кожны дзень прыходзіў з вёскі Гута брат Сяргей. Ён пасля Вялікадолецкай школы працаваў у Гуцкай школе, бліжэй да дому. Высокі, статны, са светлымі валасамі, прыгожы, ветлівы. Асабліва прыязна ён ставіўся да Дунечкі: то на руках пагойдае, то прыладзіць лепш брошку-матылёк, якую прывёз у падарунак з Оршы, калі ездзіў туды здаваць экзамены за інстытут, то сфатаграфуе, павозіць на санках. Пасля заканчэння 5-га класа дырэктар прапанаваў Дуні паехаць у піянерскі лагер. Але яна па-даросламу адказала: «Мне дома лепш, я буду з мамай і татам, з братам і сёстрамі...». Адмаўляючыся, дзяўчынка быццам прадчувала бяду. Сяргей угаварыў усіх сфатаграфавацца. За нейкіх два тыдні да пачатку вайны. На здымку – заплаканая мама, пасярэдзіне – брат у старэнькім касцюме; ззаду стаяць трое сястрычак. Не ведаў з іх тады ніхто, што гэты здымак будзе апошнім сведкам дружнай, даваеннай сям’і... I што вайна ўжо на парозе. На базарнай плошчы, пряз вузкую вуліцу, па нядзелях збіраліся ва Ушачах шумныя базары. Прадавалі кароў і свіней, курэй і качак, коз і парасят, мёд і масла, грыбы і ягады... Да сям’і Лось заязджалі старыняне, знаёмыя з іншых вёсак, родныя. Адпачывалі, абедалі, вялі гутаркі пра бедны працадзень у калгасе. Так было і ў гэты дзень, 22 чэрвеня 1941 года. Сонечна, цёпла, ні хмаркі на небе. Ідзе гаманлівы базарны гандаль. I вось у гэты час прыбягае аднекуль у хату Сяргей, дужа ўсхваляваны, але не разгублены і гучна гаворыць:
– Ваюем, родныя!.. Нямецкія фашысты напалі на нашу Радзіму, бамбяць нашы гарады... Па радыё толькі што выступіў Молатаў...
У 12 гадзін на базары ўжо нікога не было. З гэтага дня ніхто не ўбачыў больш дома Сяргея, які пайшоў у знішчальны батальён. Да нардома, дзе размяшчаўся гэты батальён (на беразе рэчкі Ушачы), цішком прабіралася Еўдакія, прымошчвалася дзе-небудзь у кусціку і чакала Сяргея, каб расказаць навіны, пацалаваць яго... Але не ўбачыла ні разу... Прыходзіла заплаканая, сумная... Праз дзесяцігоддзі Дуня ва ўспамінах і вершах, пры розных сустрэчах расказвала пра брата Сяргея, які загінуў у баях за Радзіму. Ратуючыся ад фашыстаў, яны апынуліся ва Усаях, далей ужо нельга было прабрацца: наперадзе былі немцы, бо рухаліся яны ў пачатку вайны хутка. Тады сям’я вярнулася пяшком дамоў. Ад недаядання, ад хвалявання за дзяцей, за жыццё цяжка захварэў бацька. Гэта быў 1942 год, самы страшны ваенны год... Маці павезла яго ў Полацк. Горад разбураны, бальніца – таксама паўразбураная, харчаванне там было дрэннае, лячэння належнага не было. Прабыў ён там тыдні два. У спякотны чэрвеньскі дзень ён памёр. Перад смерцю паклікаў да сябе менавіта Еўдакію. Не забывала яна свайго бацьку ніколі. Шмат вершаў напісала пра яго. А вайна ідзе. У школе нямецкі гарнізон, камендатура. Па начах ідуць баі з партызанамі. Няма ўжо бацькі, няма брата Сяргея, няма і хаты. Яе разбурыла асколкамі ад снарада, які ўпаў на двор. Нікога дома не было. Ратуючыся ад вайны і фашыстаў, яны прыехалі зноў на малую радзіму. Калі ў Старыне размясцілася партызанская брыгада «Дубава», мама выпрасіла ў камбрыга Дуброўскага былое пажарнае дэпо калгаса «Згода» для жылля. Фашыстаў тут не было. Партызаны іх прагналі ў Лепель. Вязала Еўдакія рукавіцы, шкарпэткі, шалікі... Трэба сказаць, што заняткам у вольную хвіліну яна любіла займацца і тады, калі стала пісьменніцай: добра шыла, цудоўна вышывала, вязала для сябе і сына рэчы, – адным словам, таленавітая была і ў гэтай справе. На адным з вечароў у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, прысвечаным памяці Еўдакіі Лось, Станіслаў Шушкевіч расказаў такі выпадак з жыцця Еўдакіі ваеннага часу (яму расказала аб гэтым яна сама): – У 1944 годзе, калі фашыстаў армія гнала з нашай зямлі, мы з мамай хаваліся ў кустах хмызняку, недалёка ад Старыны. На нас натыкнулася група салдат, але без зброі, без пагонаў. Мама думала, што гэта – немцы, заб’юць дзяцей. Яна паспрабавала абараніць дзяцей, і накрыла сабой мяне, прыціснула да зямлі, і я адчула на сваім твары маміны слёзы. Маню і Маруську мама абняла рукамі, прыцягнула да сябе...
Еўдакія пайшла ў шосты клас. Праз два тыдні яе перавялі ў сёмы. Вайна перапыніла вучобу ў школе на тры гады. Занімаючыся ў сёмым класе, яна напісала некалькі вершыкаў, некаторыя з іх былі змешчаны ў школьнай сценгазеце. Але яна саромелася, што «непрыгожыя» яны, хоць аднакласнікі і хвалілі. Не ведала Еўдакія тады, што такое паэзія, ніколі не бачыла «жывога» паэта. Шмат чытала кніжак. 3 атэстатам выдатніцы скончыла сёмы клас Ушацкай сярэдняй школы ў 1945 годзе. У гэтым жа годзе, 9 мая, усе святкавалі Дзень Перамогі.
Еўдакія марыла стаць машыністам на чыгунцы, каб шмат ездзіць, усё бачыць і ведаць. Падалася з этай марай у Оршу: пехатой 40 кіламетраў да Полацка, а там – на таварняку, на падножцы вагона, без білета, без грошаў і харчоў. Тыдні праз два тым жа шляхам вярнулася яна дамоў. Не спадабаўся ёй чыгуначны тэхнікум, куды яе залічылі без экзаменаў. Не аддаў дырэктар тэхнікума яе дакументаў аб заканчэнні сямігодкі, бо не адпускаў добрую студэнтку. Еўдакія вырашыла паступаць ў педвучылішча якое знаходзілася ў Лепелі.
Яе сястра Марыя вучылася ўжо на другім курсе. Дырактар педвучылішча М. Кандрацьеў залічыў Дуню на першы курс, хоць у яе не было дакументаў аб адукацыі, паверыў на слова. У памяшканні вучылішча ў гады вайны размяшчалася нямецкае гестапа, дзе катавалі савецкіх патрыётаў. Жылі Марыя з Еўдакіяй у інтэрнаце з абгарэлымі сценамі, у пакойчыку, дзе легчы спаць распранутым нельга – задубееш да раніцы. Прынасілі са сталовай у гліняным гарлачыку на вяровачцы два літры супу з чорнай фасоляй ці з мёрзлай капустай, без хлеба з’ядалі гэтую ежу і так – да заўтрашняга такога ж абеду. На базары было ўсё дарагім, стыпендыі хапала на 2 кавалачкі хлеба. Вучыліся старанна, Еўдакія перажывала за кожную «чацвёрку». У Лепельскім педвучылішчы яна пісала вершы на рускай мове. Усё ж было рускае, па-беларуску не гаварылі. Але ў душы яе жыло беларускае слова. Марыя чытала вершы сястры ў газетах вучылішча, заўсёды слухала яе са сцэны. Не забывалась Еўдакія наведваць Лепель і тады, калі стала паэтэсай (педвучылішча пасля вайны ужо там не было). Яна сустракалась з былымі настаўнікамі, аднакурснікамі, вучнямі школ, жыхарамі горада. Па іх просьбе пасылала ім з Мінска свае кніжкі, песні...
Ад Ушачаў да Лепеля зараз пралегла шырокая асфальтаваная шаша. Па ёй бягуць машыны і аўтобусы, ідуць людзі. А сястра Марыя усё ўспамінала тую, 1945 года, дарогу, па якой яна шла з сястрой Дуняй – з абмарожанымі босымі нагамі, з вясёлымі і сумнымі песнямі... Пра гаротную дарогу Дуня пісала:
Цяпер па ёй не ездзяць многа,
Бо лічыцца, што лішні круг,
З Ушач да Лепеля дарога
Даўно раўнейшая, мой друг.
Улетку 1946 года Еўдакія скончыла першы курс Лепельскага педвучылішча. Пачыналіся летнія канікулы. Дуня ўладкавалася піянерважатай у Арэхаўне. Яна кожны тыдзень бывала ў маці ва Ушачах, дапамагала ва ўсім і пісала вершы. Вучыцца яшчэ было два гады, але вяртацца зноў у Лепель, весці тую ж адчайную барацьбу з нягодамі, прадаўжаць выпрабаванне сваёй моцы і сілы яны ўсё ж не змаглі. У раённым гарадку Глыбокае, адчынілася педвучылішча – упершыню пасля вайны. Папрасіліся Марыя з Еўдакіяй у дырэктара Лепельскага педвучылішча, каб адпусціў іх па матэрыяльных абставінах, а ён і слухаць не захацеў. Але ўсё ж пайшлі яны у Глыбокае, ў тое «багатае» новае педвучылішча. Яго дырэктар I.Гарбукоў залічыў іх, а праз некаторы час па яго просьбе з Лепеля прыслалі дакументы. У Глыбоцкім педвучылішчы новая студэнтка другога курса Лось Еўдакія адразу ж аказалася ў цэнтры ўвагі. Усебакова развітая, актывістка, прывабная з выгляду, выдатніца. Прыйшло і першае каханне.
У 1947 годзе цяжкая хвароба навалілася на сястру Марыю – сыпны тыф – кожны дзень Дуня наведвала яе ў бальніцы. У гэтым жа годзе павінны былі адбыцца выбары ў Вярхоўны Савет БССР. Па Глыбоцкай акрузе балаціраваўся кандыдатам у дэпутаты П.У.Броўка. Наведаў ён і педвучылішча. Вітаць яго ад выкладчыкаў і студэнтаў даручылі Еўдакіі Лось. I вось наступіў той дзень. Марыя сядзела у зале. Дуня – у прэзідыуме. Еўдакія Лось выйшла на сярэдзіну сцэны, худзенькая, са светлымі косамі, у чорнай сукеначцы, і пачала сваё выступленне у вершаванай форме. Праслухаў Пятрусь Броўка прывітальня словы, падняўся з-за стала, паклікаў да сябе, абняў і пацалаваў Дуню, сказаўшы: «Вы дзяўчынка, хутка будзеце пісаць вершы лепш за мяне...». Жартаўлівыя словы П.У.Броўкі натхнілі Дуню, дапамаглі ступіць на сцяжынку, па якой яна пайшла да канца свайго жыцця... У 1948 годзе Еўдакія скончыла Глыбоцкае педвучылішча. А Марыя у гэты час ўжо працавала настаўніцай ў дзесяці кіламетрах ад Глыбокага. Атэстат у Дуні быў выдатны, яна магла паступіць без экзаменаў у любы інстытут. Маці хацела, каб Еўдакія ішла працаваць у школу, лягчэй было б пражыць. Але, не зважаючы ні на што, яна вырашыла падацца ў Мінск, у інстытут. Так яны з сястрой Марыяй ўпершыню разлучыліся. Вучобу Еўдакія сумяшчала з працаю ў газеце «Чырвоная змена», дзе было надрукавана некалькі яе вершаў. Але спалучаць вучобу з працай, вядома, цяжка. Еўдакія пакідае «Чырвонку» і едзе пад Маладзечна, на радзіму Янкі Купалы, працаваць у лагеры. Скончыўшы другі курс Еўдакія прыехала ва Ушачы дапамагаць маці з сястрой, дзе атрымлівае з Мінску тэлераму прыкладна такога зместу: «Лось Еўдакіі... Вам трэба з’явіцца ў ЦК камсамольскую школу...» Станцыя Вешнякі пад Масквой. Центральная камсамольская школа. Было шмат моладзі і з замежных краін. Вучоба Дуні ішла добра, было ўжо шмат сяброў і сябровак. Прыкмеціў прыгожую сціплую дзяўчыну-беларуску высокі, статны, чарнявы юнак з замежнай сацыялістычнай краіны... Але гэта былі 50-я гады. Сталінская рэпрэсіі, арышты, турмы, розныя забароны. А тут... маладая камуністка сябруе з юнаком-немцам... Выклікалі ў партком, у дырэкцыю, у ЦК камсамола... За кожным крокам сачылі, даносілі. Апошняе пісьмо з Масквы ад Еўдакіі сястра Марыя атрымала ў студзені 1952 года. Еўдакія Лось была выключана з партыі і адлічана з ЦКБ...
Развіталася Дуня з Масквой. I вось зноў у Мінску. Яна змагла ўладкавацца спачатку літсупрацоўнікам газеты «Зорька», а затым у Вучэбна- педагагічнае выдавецтва БССР, дзе адпрацавала рэдактарам шэсць гадоў. Адначасова заканчвала па вечарах інстытут. Праца ў Вучпедвыдзе спрыяла яе літаратурнаму росту, узбагачала ведамі ў розных галінах жыцця. У рэдакцыю часта заходзілі пісьменнікі, вядомыя літаратары, раіліся ў выданні такога ці іншага матэрыялу ці кнігі, і ёй як рэдактару, прыходзілася з нечым не пагаджацца, штосьці выпраўляць, аб нечым дамаўляцца з аўтарам. Для жылля здымала розныя «камароўскія вуглы», без ацяплення, без святла, начавала часта на рабоце. I нават у такіх умовах узяла да сябе маці з Ушач, разам з ёй яны і пераносілі цяжкасці. У 1955 годзе ў жыцці Еўдакіі адбылося дзве важныя падзеі: яна скончыла Мінскі педагагічны інстытут імя Горкага і была адноўлена ў партыі. Дуся зноў у Маскве.
Два гады вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах прайшлі недарэмна. Папоўнены веды ў паэзіі, прозе, напісаны і перакладзены на рускую мову яе вершы, набыта шмат сяброў з розных куткоў краіны. На суботніках яна садзіла дрэўцы, сустракалася з вядомымі дзеячамі літаратуры і культуры. Пасылала з Масквы у Мінск вершы, некаторыя друкаваліся. У госці да яе прыязджалі сябры з Мінска, з іншых гарадоў Беларусі. У гэты час у выдавецтве «Маладая гвардыя» выйшаў першы зборнік Еўдакіі Лось на рускай мове. Адразу яе павіншаваў Б.Акуджава. Пасля заканчэння Вышэйшых літаратурных курсаў у Маскве Еўдакія некаторы час працуе ў газеце «3вязда». Але сямейнае жыццё прымусіла пакінуць працу: нарадзіўся сын.
60-я-70-я гады. Еўдакія плённа працуе ў Мінску. Цяжкія гэта былі гады. Выходзіць зборнік вершаў, перакладаюцца на іншыя мовы. Пераехала у Мінск і сястра. Часам збіраліся ў Еўдакіі на кватэры. Прыходзілі да яе паэты і паэткі з рознымі мэтамі: за нейкай парадай, пачытаць свае творы і паспрачацца аб іх вартасці, адпачыць душою ад будзённых спраў. Яна прыхільна ставілася да маладых, дапамагала. Вось і наступны эпізод, узяты з дзённіка Еўдакіі: «Прыехала паступаць ва ўніверсітэт і жыве ў мяне Жэня Янішчыц юная здольная паэтэса, якая сама горнецца да маёй асобы. Уладкавала яе, частую, праводжу на заняткі. Успамінаецца свой прыезд у Мінск і гасцяванне ў цёці Уладзі-Купаліхі... Усё паўтараецца. І Жэня як дачка мне – і гэтыя выразкі з газет, і худзізна. Адно, што яна з чамаданам, салам і грашыма, што далі бацькі, а я ехала ў свет, што ў капейку – голая, босая, галодная... Няхай будзе інакш! ...Жэня жыве, ходзіць на заняткі... Расказвала пра нарачанскі семінар... Дзелімся думкамі... Вару есці, кармлю, непакоюся... Прыладзіла ёй лямпу. Здаецца, ёй няблага. Сама сплю без падушкі, а яна на вялікай маёй, аддала ёй. Я ёй расталкавала, што трэба пісаць Велясніцу. Жыве ў такой вёсцы – і не здагадваецца, што тут – паэзія (Велес, Волас – бог паганскі, а там жылі дрыгавічы і г.д.). Так і кніжку першую трэба назваць... Ліпень, 1966 год».
Любіла Еўдакія Мінск. Тут прайшло яе свядомае жыццё, поўнае гора і радасці. Чалавек актыўнай грамадскай пазіцыі. Так было, калі яна працавала апошні час адказным сакратаром часопіса «Работніца і сялянка», потым – рэдактарам часопіса «Вясёлка». Не ведала тады Еўдакія Лось, што сваёй актыўнай грамадскай пазіцыяй, перадавым светапоглядам набліжае час зусім новага грамадства – незалежнай Рэспублікі Беларусь.
Апошні, 1977 год, Еўдакія актыўна працавала: пісала, выступала, сустракалася з чытачамі. З групай пісьменнікаў была ў Віцебску. Затым 10 мая адбыўся яе творчы вечар у Саюзе пісьеннікаў, які вёў Іван Пятровіч Шамякін.
…Падчас аперцыі сястра Марыя, маці і сын Дзіма знаходіліся побач з аперацыйнай, чакалі канца аперацыі, неслі свой крыж...Пасля аперацыі, у палаце сястра Марыя бачыла Еўдакію апошні раз...Была яна з ясным і светлым розумам, як заўсёды, гаваркой. Маці таксама бачыла дачку ў апошні раз...І сын...
Жыццё Еўдакіі Лось абарвалася на 48-м годзе...Але той, хто зладзіў светлы калодзеж – не памірае!
- Информация о материале
- Категория: Её имя носит библиотека
- Просмотров: 265